Віктарына “Моўныя скарбы роднага краю”
Клас дзеліцца на дзве каманды. Кожная каманда прыдумвае назву.
Заданні віктарыны:
«Конкурс загадак».
Кожнай камандзе раздаецца па пяць загадак. Перамагае каманда, якая больш загадак адгадае.
Што за астры — люба глянуць.
Толькі ў ночы цвітуць,
А ўдзень — вянуць. (Зоркі.)
Спачатку падае,
Патом устае,
Пасля гасцінігы раздае. (Дождж.)
I ў сто гадоў я малады
Маё насенне — жалуды. (Дуб.)
За ўсіх птушак ён чарней,
Чысціць поле ад чарвей. (Грак.)
Сосны лечыць ён з вясны,
Доктарам завуць лясным. (Дзяцел.)
Адна ў лесе з белай карой,
Паю вас сокам веснавой парой. (Бяроза.)
У залаты клубочак схаваўся дубочак. (Жолуд.)
Не брэша, не кусае, а ў хатку не пускае. (Замок.)
Рук не мае, а вароты адчыняе. (Вецер.)
Белы, ды не цукар, ног няма, а ідзе. (Снег.)
«Адгадай казку».
Настаўнік чытае ўрыўкі беларускіх казак, а вучні гавораць назву каікі
1. Думала Ліса на цэлы дзень наесціся, але нават і пакаштаваць ежы не прыйшлося. (Лісіца і Журавель.)
2. Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. (Лёгкі хлеб.)
3. Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала масла. (Як курачка пеўніка ратавала.)
4. Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне і заблудзіўся. Шукаў-шукаў дарогу да дому — не знайшоў. Сеў пад ялінкай і плача. (Як кот звяроў напалохаў.)
Музычная пауза
Вучні спяваюць беларускія песні, якія вывучылі на папярэдніх занятках.
«Прыказкі і прымаўкі».
1. Каманды па чарзе называюць прыказкі, якія яны ведаюць. Перамагае каманда. якая больш назаве прыказак і прымавак.
2. Вучні ўстаўляюць словы у прыказкі. Перамагае каманда, якая правільна па сэнсу ўставіць слова.
Век жыві, век… (вучыся).
Усюды добра, а дома… (лепей).
Лёгка зламаць — ды цяжка… (зрабіць).
Увосень плача, хто ўвесну… (скача).
Малая пчала, ды і тая… (працуе).
За родны край галаву… (аддай).
«Скарагаворкі».
Вучні вымаўляюць скарагаворкі. У каго лепш атрымоўваецца, тая каманда перамагае.
Пёк Пракоп-хлебапёк, Пятру пернік і пірог.
Каток нітак клубок закаціў у куток.
Вадавоз вёз воду ад вадаправода.
Пракоп і Барыска елі барбарыскі.
Жартоўная пауза
Інсцэніроўка верша «Куды едзеш, хлапчына?»
(Інсцэніроўка верша рыхтуецца загадзя.)
— Куды едзеш, хлапчына?
— Да рынку.
— Што вязеш за плячыма?
— Свінку.
— То дай падзівіцца, можа б я купіла.
Ой, гэта ж сястрыца! Чым яна няміла?
— Міла-то міла, ды баіцца мыла.
Як убачыць мыльца, дык хавае рыльца.
Купляйце дзяўчынку, мурзатую свінку,
Аддам неслухмянку за тры абаранкі. (В. Вітка)
«Беларусь — мая Радзіма»
Каманды адказваюць на пытанні:
1. Чаму наша краіна завецца Беларусь?
2. Якія краіны з ёй мяжуюць?
3. Назавіце плямёны, ад якіх бяруць пачатак беларусы?
4. Якая жывёла з’яўляецца сімвалам нашай краіны?
5. Адкуль з’явіўся выраз «зямля пад белымі крыламі»?
Падвядзенне вынікаў
Настаўнік падводзіць вынікі віктарыны.