( Вучні чытаюць верш Максіма Танка “Ёсць такая зямля”)
1-шы вучань.
Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць,
Пераліўчата ззяюць азёры,
Дзе стаяць веліканы – капцы-курганы,
Векавечным парослым борам.
2-гі вучань.
Ёсць такая зямля: дзень адзін пражывеш,
І адступяць ліхія нягоды,
Будзеш марыць аб ёй, будзе сніцца табе,
Будзеш помніць яе ты заўсёды.
3-ці вучань
Вось на гэтай зямлі шчасце выпала мне
Жыць, за плугам хадзіць і збіраць
Непаўторныя казкі і песні яе,
Каб, сябры, ўсе іх вам перадаць.
Вядучы: Бедны той, хто не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы – гэты скарб, які ніхто і ніколі адабраць у нас не здолее.
Родная мова –душа народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ.
( Вучні чытаюць верш П.Панчанкі “Беларуская мова”)
4-ты вучань.
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы ў расе.
5-мы вучань.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Дратавалі,здзекваліся, мучылі…
Ты жыла і ў працы, і ў баях.
Пра цябе, як сонечнае дзіва,
І Купала, ды і ўсе мы снілі сны…
Вядучы. Сёння мы зноў раскрыем скарбонку беларускай мовы. І высветлім, хто з вас лепш за ўсіх ведае яе сакрэты.
Вядучы прадстаўляе тры каманды і журы
Конкурс ”Назаві адным словам”
Даць агульную назву прапанаваным словам. За правільны адказ – 1 бал.
Страказа, муха, чмель (насякомыя).
Ружа, рамонак, валошка (кветкі).
Стрыж, ластаўка, верабей (птушкі).
Фуфайка, спадніца, сукенка (адзенне).
Ліса, воўк, бабёр (звяры).
Чаравікі, боты, туфлі (абутак).
Конкурс ”Складзі прыказку”
Кожная каманда атрымае канверт са словамі. За 2 хвіліны трэба скласці прыказку, прачытаць яе і растлумачыць сэнс. За поўны адказ – 2 балы
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
Няма лепшай хаткі, як у роднай маткі.
Дзе няма ахвоты, там няма работы.
Конкурс “Пагуляем у рыфмы”
Кожнай камандзе прапанавана загадка. Неабходна дапоўніць яе словам ў рыфму і адгадаць. За правільны адказ – 1 бал.
І ў сто гадоў я малады,
Маё насенне - …(Жалуды,дуб)
Я засцілаю дол ігліцай,
Спрадвеку слаўлюся…(жывіцай, сасна)
Адна я ў лесе з белаю карой.
Багата сокам веснавой… (порой, бяроза)
Заданні для балельшчыкаў
(Адгадаць загадкі)
Хоць вусаты, хоць я колкі,
Ды не злосны аніколькі.
Лета ўсё адным заняты –
Кожны дзень спялю зярняты.
Не асыпаюся на дол –
Хлебам я прыду на стол. (Колас)
Летам я – рагатая,
Восенню хвастатая.
Хоць і горкая зусім,
Ды патрэбная ўсім. (Цыбуля)
У ваду нырае смела,
Хатку ён будуе ўмела.
Пад вадой і на вадзе
Будаўніцтва ён вядзе. (Бабёр)
Конкурс ”Загадкі – пытанні”
За правільны адказ – 1 бал
Чаго на свеце багацей няма? (Зямлі)
Што ляціць хутчэй за ўсё на свеце? (Думка)
Што гаворыць на ўсіх мовах? (Язык)
Што ляціць без крылаў? (Вецер)
Што без слёз плача? (Скрыпка)
Што без вады плавае? (Воблака)
Журы падводзіць вынікі праведзенных конкурсаў.
Конкурс ”Скорагаворкі”
Кожная каманда атрымлівае канверт са скорагаворкамі. Вучні вызначаюць прадстаўніка ад каманды, які будзе прагаворваць скорагаворку ўслых. Улічваецца хуткасць, выразнасць, дакладнасць. На падрыхтоўку адводзіцца 2 хвіліны.
За адказ без памылак – 5 балаў, пры нязначнай недакладнасці – 4 балы, калі прачытаў з памылкамі – 3 балы, збіўся – 2 балы, шмат памылак і недакладнасцей – 0 балаў.
Прытупіў пілу Піліп -
Пілаваў паленне з ліп.
Жвавы вожык жыва
Жуку пашыў кажух.
Чорны- чорны грак прысніў:
Ноччу драч драча дражніў.
Конкурс ”Наадварот”
Падабраць словы з супраць леглым значэнннем. За кожны правільны адказ – 1бал.
Ранак, зіма, высока.
Мяккі, часта, шырокі.
Чысты, ідзе , цяжка.
Загадкі для балельшчыкаў
Пад які куст заяц садзіцца, калі дождж ідзе? (пад мокры)
Ці можа страўс назваць сябе птушкай? (Не , бо гаварыць не ўмее)
Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады? (На глобусе, карце)
Дзе мароз улетку водзіцца? ( У халадзільніку)
Чаго не абнясеш вакол хаты? (Вады ў рэшаце)
Конкурс ”Выпраў памылкі”
За кожны правільны адказ – 1бал
“Малако дае карова”,-
Напісаў на кошцы Вова. (Дошцы)
Закрычаў Рыгорка:
З неба ўпала горка!” (Зорка)
Назбіралася народу:
Дзіва, поўны вулей лёду. (Мёду)
Весела звініць збанок,
Кліча “Дзеці , на ўрок”. (Званок)
Не праедзем , дружа:
На дарозе ружа. (Лужа)
Кажа Славік Светцы:
“Цесна тыгру ў кветцы”. (Клетцы)
Журы падводзіць вынікі праведзеных конкурсаў.
Конкурс ”Наборшчыкі”
З слова БУКВАРЫНКА скласці як мага больш слоў, запісаць на ліст паперы, перадаць журы. На падрыхтоўку адводзіцца 2 хвіліны. Каманда, у якой запісана большая колькасць слоў, атрымлівае з балы, астатнія – 2 балы. Дадатковы бал прысуджаецца той камандзе, якая складзе самае доўгае слова.
Конкурс ”Дамашняе заданне”
Прачытаць на памяць верш пра Беларусь або беларускую мову, які падрыхтавалі дома. Улічваецца выразнасць, артыстызм, дакладнае веданне зместу. За добры адказ каманда атрымлівае 2 балы.
Журы падводзіць вынікі конкурсаў. Пераможцы ўзнагароджваюцца граматамі і прызамі.